Напярэдадні юбілею
15.06.2017

Напярэдадні юбілею

31 мая Івацэвіцкай міліцыі споўнілася 69 гадоў

З гэтай нагоды ў зале аддзела адбыўся ўрачысты сход. Усіх супрацоўнікаў павіншаваў начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Вадзім Пастаялка.

Кароткі даклад аб утварэнні, развіцці, станаўленні і рабоце раённай міліцыі зрабіла намеснік начальніка райаддзела падпалкоўнік міліцыі Ларыса Колбік. Яна зазначыла, што пройдзены шлях быў няпростым. На ім былі поспехі і няўдачы, страты і папаўненні.

Гонар і гордасць аддзела – гэта першапраходцы, тыя, хто заступіў на міліцэйскую службу ў першыя пасляваенныя гады, прайшоўшы лютую вайну. У ліку іх былыя начальнікі і супрацоўнікі райаддзела маёр міліцыі С.Ф. Юмашаў, маёр унутранай службы А.С. Жукаў, падпалкоўнікі міліцыі І.З. Ахмедзянаў, У.Е. Камель, старшына міліцыі К. М. Кот, маёр міліцыі І.І. Асташэня і іншыя.

Асаблівай увагі і памяці заслугоўваюць супрацоўнікі міліцыі, якія загінулі на баявым пасту. Участковы Уладзімір Мялік, ураджэнец вёскі Вулька-Целяханская, быў смяротна паранены ў баі з бандытамі. Пахаваны ў Целяханах.

Пры выкананні службовага абавязку загінулі таксама сяржант міліцыі У.М. Каралёў, лейтэнант міліцыі А.В. Маісеенка, участковыя І. Ф. Упяровец, М.М. Крынько, А.Р. Суханосік – адзін з першых міліцыянераў раёна. На пачатку вайны разам з родзічам пайшоў з дому ў лес, каб адсюль распачаць барацьбу з ворагам. Не ўбярогся, здраднік выдаў абодвух. Яны загінулі. Пахаваны на могілках вёскі Быч.

Напярэдадні дня ўтварэння раённай міліцыі супрацоўнікі райаддзела, члены ветэранскай арганізацыі пабывалі на магілах загінуўшых і памерлых, прывялі іх у парадак, усклалі кветкі, словам, ушанавалі памяць былых салдат правапарадку.

За пройдзены шлях раённая міліцыя, як падкрэсліла Ларыса Колбік, узрасла і колькасна, і якасна. З’явіліся новыя службы. Калектыў раённай міліцыі спраўляецца з надзённымі задачамі, якія ставіць перад ім нашае жыццё.

Затым на сходзе сваімі ўспамінамі аб сустрэчах з землякамі, што служылі ў Івацэвіцкай міліцыі, падзяліўся аўтар гэтых радкоў.

Групу ветэранаў міліцыі, былых чарнобыльцаў, узнагародзілі медалём “100 год беларускай міліцыі”. Сярод адзначаных падпалкоўнік міліцыі М.М. Шопік, маёр А.Р. Гацуковіч, капітан П.П. Леановіч, старшы лейтэнант У.І. Жук, прапаршчыкі А.М. Рыжанкоў, А.І. Бенюш, А.І. Грышчэня, М.С. Кот, старшына М.М. Кучура.

На заканчэнне ўрачыстага сходу Падзячнае пісьмо раённага аддзела міліцыі начальнік РАУС Вадзім Пастаялка ўручыў В.А. Алексіевічу за выдатнае выхаванне сына Аляксандра, які зараз з’яўляецца інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх.

У той жа дзень, ужо ў Целяханах, такое ж Падзячнае пісьмо ўручылі Ніне і Сяргею Сагановічам за ўзорнае выхаванне сына Дзяніса, які працуе ўчастковым інспектарам у райаддзеле міліцыі.

Святаслаў Кажадуб.