Увага: падлеткі
12.08.2017

Увага: падлеткі

Пра “рамантыку” непрадказальных падарожжаў

Прыкладна кожны трэці з ліку тых, каго аддзяленне крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС аб’яўляе на працягу года ў вышук, - гэта падлеткі, моладзь ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, якія, так бы мовіць, “адчапіліся” ад роднага гнязда, каму здаюцца “нецікавымі” іх таты-мамы, а больш цікава пазнаваць жыццё без дапамогі дарослых.

Які сацыяльны партрэт падлетка, што пачынае бадзяжнічаць? Як правіла, гэта маладыя людзі, каму нецікава вучоба, яны не ставяць перад сабой нейкай канкрэтнай мэты… У большасці – гэта навучэнцы прафесіянальных ліцэяў, але і тут у іх шмат праблем з наведваннем заняткаў, падлеткі “гуляюць самі па сабе”, яны нярэдка ўступаюць у гутаркі з невядомымі людзьмі, падманваюць, расказваюць, што быццам бы прыехалі здалёк, няма дзе начаваць, хаця бацькі могуць жыць на суседняй вуліцы… А назаўтра, як ні ў чым не бывала, ідуць на заняткі ў прафліцэй, а міліцыя тым часам разбіраецца з заявамі бацькоў, якія не ведаюць дзе іх сын або дачка.

Але гэтая “рамантыка” цягне за сабой шлейф здарэнняў: часта гэтыя малалетнія валацугі аказваюцца ўмешанымі ў злачынствы, бо самі штосьці крадуць або становяцца абакрадзенымі. Літаральна нядаўна адну такую 16-гадовую “аматарку” падарожжаў знайшлі нецвярозую, са зломанай ключыцай (зараз яна ў Івацэвіцкай ЦРБ). Многіх з іх “клічуць” заробкі ў Расіі, але не ўсе з іх задумваюцца, што для гэтага патрэбны прафесія, вопыт. Тым болей, рэгіструюцца выпадкі, калі такія падарожнікі трапляюць у Расіі ў вельмі непрадказальныя сітуацыі…

Як выхоўваць хлопчыка ці дзяўчынку, каб яны не пацягнуліся ў гэтым пераходным узросце бадзяжнічаць? Важна, каб жыццё іх было запоўнена заняткамі ў групах па інтарэсах, у разнастайных гуртках; у такім выпадку думкі хлопца ці дзяўчыны будуць заняты чымсьці іншым. Не пашкодзіць і дапамога псіхолага. Вярнуць дзіця ў нармальны рэжым жыцця – важна, бо аднойчы пайшоўшы па няпростай дарозе падарожжаў і блуканняў, можна, у рэшце рэшт, і не вярнуцца.

Андрэй ПАПКО, старшы оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС