Ад інспектара - да начальніка аддзела
12.10.2017

Ад інспектара - да начальніка аддзела

Аляксей Уладзіміравіч Паўлюкавец, які з 1984 года на працягу дзесяці гадоў ўзначальваў Ма¬ларыцкі райаддзел,  прайшоў усе ступені прафесійнага станаўлення, на сабе адчуў складанасці аператыўнай работы. У аддзеле яго запомнілі, як кіраўніка сур’ёзнага, арганізаванага, патрабавальнага і ў той жа час ўважлівага. З выхадам на заслужаны адпачынак сувязі з калектывам ён не страціў і ўжо 15 гадоў з’яўляецца старшынёй савета ветэранаў райаддзела.

Першая прыступка яго міліцэйскай кар’еры належыць роднаму гораду – Лунінцу. Тут ён гадаваўся, вучыўся. Прафесію, якой затым аддаў 27 гадоў жыцця, абраў не выпадкова. У яго сябра бацька быў у той час намеснікам начальніка Лунінецкага райаддзела. У юнаку ён убачыў якасці, якія неабходны, каб служыць у органах унутраных спраў. Міліцыянер і параіў Аляксею не шукаць іншы шлях, а паследаваць яго прыкладу. І думаць не мог ён тады, што пройдзе час, і Аляксей Уладзіміравіч таксама стане намеснікам начальніка гэтага ж аддзела.

Але не будзем апярэджваць падзеі. Да гэтага назначэння Аляксею давялося прайсці службу ў арміі, упарта працаваць на розных пасадах. Два армейскія гады Аляксей Уладзіміравіч правёў на Кубе. Гэта адзін з самых цікавых эпізодаў яго жыцця. Аляксей Уладзіміравіч расказвае, што тры разы бачыў Фідэля Кастра, а цяперашняга кіраўніка ўрада Кубы Рауля Кастра ўвогуле кожны месяц, бо ён быў міністрам абароны. Салдат Аляксей Паўлюкавец праходзіў службу ў штабе, працаваў з сакрэтнымі дакументамі. Уклад кубінскага армейскага жыцця адрозніваўся ад савецкага. Не было казармаў, формы. Але адказнасць на кожнага была ўскладзена вялікая. Доўгачаканы водпуск таксама праходзіў незвычайна – у доме адпачынку на беразе Атлантычнага акіяна. Білет на самалёт з Кубы дамоў каштаваў 1000 савецкіх рублёў(калі перакласці, дык гэта больш за 2000 цяперашніх беларускіх рублёў). Зразумела, што за такія грошы ніхто салдат у водпуск не адпраўляў. “Адпачываў на пляжах курорта Варадэра”, - смяецца Аляксей Уладзіміравіч.

Пасля арміі Аляксей Паўлюкавец прыйшоў працаваць у Лунінецкі аддзел. За 14 гадоў службы там ён змяніў шмат пасад. Пачынаў аператыўнікам. Каб падняцца на прыступку ўверх па службовай лесвіцы, трэба было не адзін год даказваць, што ты здольны на большае. Праз дзесяць гадоў Аляксей Уладзіміравіч стаў першым намеснікам начальніка, яшчэ праз чатыры яго перавялі ў Маларыту на пасаду кіраўніка аддзела.

- Мне падабалася аператыўная работа. Спачатку прыцягвала “рамантыкай”, пасля сапраўды стала цікавай у прафесійным плане. Увогуле аператыўнікам “з-пад палкі” быць немагчыма. Для гэтай работы трэба мець жаданне, унутраную зацікаўленасць. А яны ў мяне былі, - дзеліцца Аляксей Уладзіміравіч.

Напэўна, гэтыя якасці і дазволілі Аляксею Паўлюкаўцу заняць высокую пасаду. Праўда, давялося змяніць месца жыхарства, бо ў той час начальнікам аддзела маглі назначыць толькі спецыяліста з іншага раёна.

- Лічу, што гэта правільна. Калі ў калектыў уліваецца новы чалавек, ёсць магчымасць прыўнесці ў работу станоўчы вопыт, набыты ў іншых аддзелах. Так і кіраўнік ад новых людзей можа нечаму навучыцца.

За час работы ў крымінальным вышуку ў Аляксея Уладзіміравіча назбіралася шмат цікавых гісторый, заблытаных спраў. Імі ветэраны раённага аддзела ўнутраных спраў часта дзеляцца на сваіх пасяджэннях. Некалькі з іх ён расказаў і для чытачоў.

Па словах міліцыянера, добра запамінаюцца першыя і апошнія справы, якія вядзе спецыяліст, а яшчэ рэзанансныя. Забойства з падпалам яму давялося расследаваць напрыканцы службы ў Лунінцы, калі ён праходзіў ужо узгадненне на пасаду начальніка Маларыцкага райаддзела.

- Злачынцу-забойцу мы адшу­ка­лі за суткі. У стозе сена ля лесу знай­шлі спалены труп. Калі пачалі працаваць з насельніцтвам бліжэйшай вёскі, вызначылі, што ў загінуўшага былі канфліктныя адносіны з аднавяскоўцам. Прычым след гэтых узаемаадносін цягнуўся з ваеннага часу. Калі адзначалі 40-годдзе Перамогі, абодвух мужчын узнагародзілі юбілейнымі медалямі. Успомніўшы старыя крыўды, у стане афекту злачынца і забіў свайго ворага, а потым падпаліў яго. Вось такая гісторыя. Памятаю, як прыехала брыгада з абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў, каб расследаваць гэтае забойства, а мы на той час ужо разблыталі гэтую справу.

Важная якасць кіраўніка любой арганізацыі ці прадпрыемства – умець арганізаваць работу калектыву так, каб ён працаваў, як гадзіннік: зладжана, дакладна і каб кожная шрубка агульнага механізму была на сваім месцы. Падначаленыя Аляксея Паўлюкаўца ўзгадваюць, што ён добра бачыў здольнасці чалавека і знаходзіў для яго такое месца, дзе ён найбольш удала раскрываўся.

Наша размова з Аляксеем Уладзіміравічам пайшла пра поспехі аддзела ў 80-я гады і тыя самыя напружаныя для калектыву перыяды, якія давялося перажыць.

- Трэба сказаць, што Маларыцкі райаддзел заўсёды быў не на апошніх месцах, калі падводзілі вынікі работы. Не раз мы атрымлівалі розныя ўзнагароды. Напрыклад, у 1984 годзе за дасягнутыя вынікі ў выкрыцці злачынстваў у ахове грамадскай бяспекі калектыву быў уручаны пераходны прыз імя батальёна К. Г. Уладзімірава. Праз два гады за тыя ж заслугі раённы аддзел быў узнагароджаны пераходным прызам імя С. І. Сікорскага.

Але разам з тым 1986 год для райаддзела стаў выпрабавальным. Здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Больш трэці асабовага саставу аддзела пабывала ў зоне адчужэння, выконваючы мерапрыемствы па ліквідацыі аварыі. Кожны месяц маларыцкія міліцыянеры адпраўляліся па службоваму абавязку ў небяспечную зону. Зразумела, што іх нагрузка дзялілася на тых, хто заставаўся ў аддзеле.

Не менш складанай у жыцці райаддзела была і вяха гісторыі, калі распаўся Савецкі Саюз. Дзяржава набыла самастойнасць, а функцыі міліцыі пашырыліся з-за таго, што наспела неабходнасць абараняць сваю граніцу. А значыць выконваць задачы, якія цяпер ускладзены на мытную і пагранічную службы.

- У сувязі з гэтым трэба было набіраць новых людзей. Два нашы ўзводы працавалі на граніцы ў Олтушы і Макранах. Давялося ўсё пачынаць з нуля. Дарэчы, гэта мы ўстанаўлівалі першыя слупы на мяжы з Украінай, праводзілі электрычнасць і г. д. Цяжкасць была ў тым, што ніхто не ведаў, як трэба працаваць правільна ў новых умовах.

Ускладнялася ў час распаду Саюза і аператыўная абстаноўка на тэрыторыі раёна. Узгадвае Аляксей Уладзіміравіч рэзанансны выпадак з так званых ліхіх 90-х.

- Гэта было рэкецірскае бандыцкае нападзенне ў час, калі з Германіі выводзілі ваенна­служачых. Праз наш раён ехалі сем’і палкоўніка-лётчыка і прапаршчыка. Бандыты непадалёку ад вёскі Высокае расстралялі іх машыны, забралі рэчы, але людзей пакінулі жывымі. Ваеннаслужачыя звярнуліся ў міліцыю ноччу. Нас паднялі па трывозе. Ранкам ля першага цягніка мы затрымалі першага злачынцу, да 10 гадзін ранку ўсе чацвёра былі ў аддзеле.

Так агульная нявызначанасць у час распаду падштурхоўвала людзей на злачынствы, што дадавала работы аператыўнікам. А сітуацыя ў гандлёвай сферы, калі ў магазінах былі пустыя паліцы, параджала абурэнне ў людзей. Першыя гандлёвыя мітынгі прайшлі ў Маларыце.

На перыяд кіраўніцтва Аляксея Уладзіміравіча выпала і завяршэнне рэканструкцыі аддзела. Многае давялося рабіць гаспадарчым спосабам. Пасля рамонту ўмовы працы значна палепшыліся.

Якім быў аддзел 30-40 гадоў назад, ветэраны Маларыцкага райаддзела часта ўспамінаюць у час сваіх сустрэч. Аляксей Уладзіміравіч, старшыня ветэранскай арганізацыі, рапартуе, што цяпер у іх радах 58 ветэранаў, з іх - 18 “чарнобыльцаў”, 2 афганцы. Падтрымлівае дзейнасць грамадскай арганізацыі цяперашняе кіраўніцтва аддзела: уважліва ставіцца да просьбаў ветэранаў, па магчымасці, дапамагае, запрашае на ўсе важныя мерапрыемствы, ушаноўвае сувенірамі да святаў.

- 100-гадовы юбілей беларускай міліцыі – свята як для ветэранаў яе, так і для сённяшняга пакалення супрацоўнікаў органаў Міністэрства ўнутраных спраў. Таму хочацца пажадаць ветэранам здароўя і сіл, а работнікам райаддзела поспехаў у аператыўна-службовай дзейнасці, каб вынікі ў рабоце прыносілі задавальненне не толькі самім, але і былі годна ацэнены.

Дар’я ПАЎЛЯНКОВА 

На здымках: Аляксей Уладзіміравіч Паўлюкавец