Прафесія па спадчыне
13.03.2018

Прафесія па спадчыне

Розныя сітуацыі ў жыцці вымушаюць нас звяртацца да міліцыянераў. У большасці сваёй, гэта, мякка кажучы, не зусім прыемныя абставіны. Тут варта адзначыць, што супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў у дапамозе наўрадці адмовяць, за што многія людзі ім на самай справе шчыра ўдзячны.

…З самай раніцы работа тут кіпіць – без справы не атрымаецца застаць нікога. На розум адразу прыходзяць вядомыя радкі песні з кінафільма «Следства вядуць знаўцы»: «Наша служба и опасна, и трудна». Збітая, але такая правільная фраза вельмі дакладна апісвае работу супрацоўніка праваахоўных органаў. Напагатове прыходзіцца быць кожную хвіліну.

Хапае рабочых спраў і ў старшага інспектара групы тылавога забеспячэння аддзела ўнутраных спраў Ганцавіцкага райвыканкама Вячаслава Гуліцкага. Але Вячаслаў Леанідавіч згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў карэспандэнта.

– Вячаслаў Леанідавіч, раскажыце, калі ласка, пра Ваш прафесійны шлях. З самага пачатку працавалі ў Ганцавіцкім аддзеле ўнутраных спраў?

– Так, працую тут ужо амаль 18 гадоў – у органах з 2000 года. Скончыўшы Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаўшы спецыяльнасць прававеда, вярнуўся на малую радзіму, у Ганцавічы. А вось папрацаваць давялося на самых розных пасадах. Пачынаў набірацца прафесійнага вопыту з пасады радавога міліцыі патрульна-паставой службы – міліцыянера-кінолага. У 2003 годзе быў назначаны інспектарам групы інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння, а ў 2009 годзе стаў начальнікам штаба РАУС. Некалькі гадоў, з 2011 па 2016, займаў пасаду начальніка аддзела ДАІ. І вось ужо другі год працую старшым інспектарам групы тылавога забеспячэння.

– Займаемыя Ваміпасады былі даволі разнастайнымі, таму не магу не спытаць: на якой працавалася лягчэй?

– На гэтае пытанне нельга адказаць адназначна. Лёгкай службы не бывае! Калі служыў у патрульна-паставой службе, быў маладым, імкнуўся спазнаць нешта новае, пераняць вопыт у старэйшых. Таму, можна сказаць, што менавіта гэты перыяд службы ўспамінаецца як не цяжкі для мяне. Але зноўжа, лёгкім я яго таксама не назаву.

– Цікава, а Вы свядома прыйшлі да таго, што жадаеце працаваць у органах? Можа, ужо з дзяцінства ўяўлялі сябе ў форме?..

– Мой бацька – юрысконсульт, маці таксама па адукацыі юрыст, родны дзядзька – міліцыянер… Таму асаблівых пытанняў па выбары будучай прафесіі не было: вырашыў атрымаць юрыдычную адукацыю. Дарэчы, права зараз вывучае і сын.

– Раскажыце, чым Вам даводзіцца займацца кожны дзень?

– Асноўнае – гэта кантроль за канфіскаванай маёмасцю, звернутай у даход дзяржаве, матэрыяльнае забеспячэнне дзейнасці ўсяго асабістага саставу. Гэтыя моманты патрабуюць пільнай увагі. Канечне, абавязкаў намнога больш, я пералічыў толькі асноўныя.

– На Ваш погляд, што самае цяжкае ў рабоце супрацоўніка міліцыі?

Першым прыходзіць на розум разуменне, што, на жаль, удаецца мала часу прысвяціць сям’і. Хацелася б надаваць жонцы і дзецям больш увагі.

– Назавіце тры галоўныя якасці, якімі павінен валодаць міліцыянер.

– Мэтанакіраванасць, сумленнасць, дабрыня. Але зраблю агаворку: дабрыня– у некаторай ступені. Заўсёды ўваходзіць у становішча людзей, як хацелася б гэтага ім, не атрымаецца: усе сітуацыі мы разглядаем у першую чаргу з пункту гледжання закона.

– Як лічыце: якое на сённяшні дзень агульнае ўспрыманне чалавека ў форме людзьмі?

– Канечне, па зразумелых прычынах, што не патрабуюць тлумачэння, негатыў ёсць заўсёды. Але, думаю, давер да супрацоўнікаў міліцыі расце. І тым больш радуюць падзякі за работу, якія нам выказваюць рэгулярна.

…Напрыканцы размовы Вячаслаў Леанідавіч праз газету павіншаваў усіх калег з прафесійным святам і пажадаў, каб усё ў жыцці атрымлівалася, каб дадому, дзе іх заўсёды чакаюць, міліцыянеры вярталіся жывымі і здаровымі і каб з фінансавым становішчам усё было ў парадку.

Вікторыя ПРЫКОТА.

Фота аўтара.