Лейтэнант Вераніка
13.03.2018

Лейтэнант Вераніка

Вераніка з дзяцінства марыла служыць у міліцыі. Прычым не на нейкай там «грамадзянскай» пасадзе, а на аператыўнай рабоце, у «баявой», так бы мовіць, абстаноўцы.

Яна і сама дакладна не можа патлумачыць, чым яе прыцягвала менавіта прафесія міліцыянера. Пачуццё павышанай справядлівасці ці адказнасці за бяспеку людзей? А можа, кніжак начыталася пра «службу дні і ночы»?

– Ды, напэўна, тут усяго пакрыху намяшалася, – смяецца Вераніка Назаранка. – І кніжкі любіла чытаць пра міліцыю, і за справядлівасць заўсёды гарой стаяла. Але больш за ўсё мне тады падабалася сама міліцэйская форма. Так-так, калі бачыла чалавека ў міліцэйскай форме – сэрца ледзь не выскоквала!

Нарадзілася Вераніка і вырасла ў вёсцы Арэпічы Жабінкаўскага раёна. Пасля школы паступіла на юрыдычнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Скончыўшы яго, нейкі час працавала юрыстам у родных Арэпічах, потым у міжраённым рэгістрацыйна-экзаменацыйным аддзяленні Дзяржаўтаінспекцыі Брэсцкага ўпраўлення ўнутраных спраў. Адначасова вучылася завочна на юрыдычным факультэце БрДУ імя А. С. Пушкіна.

І ўсё ж канцылярская работа не задавальняла Вераніку. Яна жадала большага – удзельнічаць у раскрыцці злачынстваў, расследаваць гучныя дарожна-транспартныя здарэнні, затрымліваць правапарушальнікаў. Амаль год збірала неабходныя дакументы, здавала псіхалагічныя тэсты. І, нарэшце, у маі 2017 года паступіла ў Цэнтр павышэння кваліфікацыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Шэсць месяцаў карпатлівай вучобы – і накіраванне на працу ў аддзяленне ДАІ Ганцавіцкага РАУС.

Цяпер яна – старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы, лейтэнант міліцыі і ўжо фактычна выконвае абавязкі начальніка аддзялення ДАІ. У яе ў падпарадкаванні два інспектары, мужчыны. Не складана ўзначальваць мужчынскі калектыў?

Вераніка лічыць, што нармальна, служба як служба. Ёсць абавязкі, якія неабходна выконваць. Даводзіцца і па начах працаваць, і на дарожна-транспартныя здарэнні выязджаць. І ў мароз, і ў дождж, і ў спёку. Калі з калегамі не будзе ўзаемаразумення, працаваць у адной камандзе немагчыма.

Цікаўлюся, якія дарожна-транспартныя здарэнні найбольш запомніліся.

– Бадай што тое, калі бабулю збілі на дарозе. Два следчыя эксперыменты нават праводзілі, пакуль ісціну ўстанавілі, – успамінае Вераніка Назаранка. – Дзякуй Богу, не даводзілася выязджаць на ДТЗ са смяротным зыходам. Гэта цяжкае відовішча, заўсёды трагедыя. А вось яшчэ адно здарэнне запомнілася, калі лася збілі легкавым аўтамабілем. Лася – насмерць, машына таксама моцна пашкоджана, а вось чатыры чалавекі, якія ў аўтамабілі былі, амаль без траўмаў абышліся. Дзіва проста дзіўнае! Гэта ДТЗ адбылося 1 снежня мінулага года ў лесе на 43-м кіламетры аўтадарогі Ганцавічы – Лагішын. Відовішча, на першы погляд, калі мы прыехалі, было жудасным. Лось мёртвы валяецца, аўтамабіль разбіты, уся дарога асколкамі шкла ўсыпана. Доўга там правазіліся, пакуль разабраліся ва ўсіх абставінах.

– Вераніка, якія, на Ваш погляд, найважнейшыя якасці для супрацоўніка міліцыі?

– Думаю, што ветлівасць, справядлівасць і сумленнасць, – упэўнена Вераніка Назаранка. – Без гэтых якасцей сёння ў міліцыі няма чаго рабіць. Ды і не ўтрымаешся. Усе ж супрацоўнікі ўнутраных спраў праходзяць праверку на паліграфе – апарат такі ёсць спецыяльны. Калі чалавек несумленна адказвае на пытанні, паліграф гэта выявіць. Такіх людзей адразу ж звальняюць са службы. Мяне, праўда, яшчэ на паліграфе не правяралі, затое са мной перад паступленнем у цэнтр павышэння кваліфікацыі доўга гутарыў псіхолаг, а гэта таксама вельмі сур’ёзная праверка.

Яшчэ адна праблема, з якой сутыкнулася ў жыцці Вераніка, – сямейная. Яна замужам, аднак муж Сяргей працуе ў Брэсце памочнікам машыніста ў лакаматыўным дэпо, жыве ў Жабінцы, а яна, як бачым, – у Ганцавічах. Сустракаюцца рэдка – служба такая. Таму і дзецьмі пакуль што не абзавяліся.

– Апошні раз мужа бачыла на Новы год, – уздыхае Вераніка. – Але нічога, для кахання гэта сапраўднае выпрабаванне. Калі вытрымаем, усё будзе нармальна.

– А работа ў міліцыі – гэта надоўга? Ці сямейныя абставіны могуць паўплываць на далейшы выбар?

– Не для таго я марыла аб службе ў міліцыі, каб цяпер нешта мяняць, – катэгарычна заявіла Вераніка Назаранка. – Свайго далейшага жыцця па-за межамі міліцыі я сабе не ўяўляю.

Вячаслаў БУРДЫКА.

Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ.