Захаваць парадак і спакой грамадзян
04.03.2018

Захаваць парадак і спакой грамадзян

Сваё прафесійнае свята многія супрацоўнікі міліцыі адзначаюць на службе, якая не мае строга вызначанага графіку "з 8 да 17".

Гэта – крапатлiвая работа, накіраваная на ўстанаўленне законнасці і справядлівасці. Як адзначае начальнік аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама А.В.Гук, самая галоўная задача праваахоўнікаў – захаванне парадку і спакою – выконваецца.

У мінулым годзе супрацоўнiкам міліцыі удалося павялічыць працэнт выкрывальнасці злачынстваў, які перавышае сярэдні паказчык па вобласці, пры гэтым нявыкрытым не засталося ніводнае цяжкае злачынства, – сцвярджае Аляксандр Васільевіч. Хацелася б дасягнуць абсалютнага ідэалу па ўсіх накірунках, але з улікам аб'ектыўных прычын гэта немагчыма. Адзначу толькі тое, што значны плён дае арганізаваная супрацоўнікамі райаддзела прафілактыка злачыннасці, дзякуючы якой колькасць крымінальных выпадкаў за 2017 год знізілася на 12%.

Рост злачыннасці з выкарыстаннем новых тэхналогій нас вельмі трывожыць. Прызнаюся, што асноўная прычына ў тым, што падобныя злачынствы вельмі складана выкрыць, бо недастаткова ўстанавіць саму крымінальную схему, трэба яшчэ затрымаць і самога злачынцу. А ён можа быць як у суседнім пад'ездзе, так і на іншым кантыненце. Нярэдка і самі грамадзяне садзейнічаюць камп'ютарным махлярам, ігнаруючы папярэджанні праваахоўных органаў. Адныя аплачваюць "штрафы" за заблакіраваныя гаджэты, іншыя ахвотна фатаграфуюць пластыкавыя карткі і дзеляцца сакрэтнай інфармацыяй з невядомымі "сябрамі" ў сацыяльных сетках. Ёсць і такія, хто выкарыстоўвае камп'ютарную тэхніку і для распаўсюджання парнаграфіі. Пакуль прафілактыка падобных злачынстваў застаецца на вельмі нізкім узроўні, што, у першую чаргу, звязваю з нядбайнасцю саміх людзей.

Яшчэ дадам такі факт: за мінулы год было выкрыта сем злачынстваў з дапамогай сістэм відэаназірання. Такім чынам пацвярджаецца неабходнасць і гэтага тэхнічнага пераўзбраення: скажу, што на аб'ектах, дзе выкарыстоўваюцца відэакамеры, не было ніводнага злачынства, якое б засталося не выкрытым. Часта ўбачаны аб'ектыў і папярэджанне аб тым, што вядзецца відэаназіранне, выступае стрымліваючым фактарам, што таксама можна лічыць своеасаблівай прафілактыкай злачыннасці. Таму сумесна з зацікаўленымі арганізацыямі праваахоўныя органы будуць настойваць на пашырэнні сістэмы відэакантролю.

Абсалютная большасць злачынстваў у 2017 годзе была здзейснена ў стане алкагольнага ап'янення, таму менавіта на барацьбе з п'янствам і алкагалізацыяй насельніцтва будзем акцэнтаваць увагу. Такая работа праводзілася і летась: за выраб, захоўванне і продаж самагону да адказнасці прыцягнута 149 грамадзян, знішчана больш за 20 тон брагі, 350 літраў гатовага зелля і звыш 800 літраў фальсіфікаванага алкаголю. Да прымусовага лячэння ў лячэбна-працоўным прафілакторыі асуджаны 55 хранічных алкаголікаў.

Побач з гэтым бачу і некаторыя нашы недапрацоўкі. Гэта пацвярджае факт забойства, якое здарылася напрыканцы мінулага года. Як высветлілася, там злоўжывалі спіртным практычна ўсе члены сям'і. І "п'яныя" сваркі паміж роднымі былі нярэдкай з'явай. Аб гэтым ведалі суседзі, прадстаўнікі мясцовай улады і нават участковы інспектар міліцыі. Дык чаму своечасова не былі прыняты меры па папярэджанні трагічнага фіналу, не праводзілася менавіта адрасная работа? Гэта пытанне я задаю і сваім падначаленым таксама: гэта не проста збег абставін, а сітуацыя, якая наспявала гадамі і закончылася забойствам, таму што ўсе навокал праявілі раўнадушша.

Мы заўсёды ў сваёй рабоце падчас падвядзення вынікаў арыентуемся на меркаванне грамадзян, на захаванне спакою якіх і накіравана наша дзейнасць. Людзі ацэньваюць нас цалкам: маўляў, міліцыя добра або дрэнна спрацавала. Таму работа кожнага падраздзялення павінна быць бездакорнай. У гэтым плане хачу адзначыць і інспекцыю па справах непаўналетніх на чале з В.М.Клімашэвічам, і аддзел прафілактыкі пад кіраўніцтвам П.У.Сандрыгайлы, і аддзяленне ДАІ, начальнікам якога з'яўляецца А.Я.Міхальчук. Задаволены вынікамі службы міліцыі грамадскай бяспекі(намеснік А.А.Семаковіч) і крымінальнай міліцыі (намеснік І.А.Амельянчук), аддзялення крымінальнага вышуку (С.В.Курмыса), крымінальна-выканаўчай інспекцыі (Д.В.Фамянюк), ізалятара часовага ўтрымання (Д.Г.Каляда).

А.Сiдарэнка