«Не будзь невідзімкай на дарозе»
13.04.2018

«Не будзь невідзімкай на дарозе»

З мэтай прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў і гужавога транспарту, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі сумесна з праваслаўнай царквой правялі мерапрыемства ў храме Праабражэння Гасподня: інспектары выступілі перад вернікамі, што сабраліся ў гэты дзень у царкве на Горцы, а таксама раздалі дзецям флікеры.

Як расказаў старшы інспектар ДПС Сяргей Мышкевіч, няшчасныя выпадкі з удзелам пешаходаў у раёне здараюцца, на жаль, практычна штогод. Каб пазбегнуць гэтага, трэба захоўваць усе меры засцярогі: пазначаць сябе святловяртальнымі элементамі, рухацца па правільным баку дарогі і самае галоўнае – быць уважлівымі пры перасячэнні праезнай часткі.

З невялікай прамовай звярнуўся да прыхаджан і айцец Ігар. Ён – успомніў момант з Бібліі, у якім сатана спрабаваў спакусіць Іісуса Хрыста скінуцца з даху, каб анёлы ўратавалі яго і панеслі на руках. Аднак Іісус адказаў: «Не спакушай Госпада дарма». Тым самым святар падкрэсліў неабходнасць асабістай уважлівасці і адказнасці за сваё жыццё.
Асабліва на такіх вузкіх вуліцах, як наша Горка, калі вечарам едзеш па ёй на машыне, то не заўсёды добра бачыш пешаходаў. Таму, каб пазбегнуць бяды, карыстайцеся флікерамі» – зазначыў айцец Ігар.

Яўген Гарохаў