Угналі аўто і… падпалілі
10.10.2018

Угналі аўто і… падпалілі

Гэта дзёрзкае злачынства адбылося ноччу ў мінулыя выхадныя дні. Раней судзімы А., 23-гадовы жыхар Івацэвічаў, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, “выбіраў” сабе аўтамабіль: хадзіў па прыдавамых тэрыторыях і тузаў за ручкі аўто, якія тут начуюць.

Разлік на тое, што хтосьці забыў закрыць легкавік на замок. І пошукі прынеслі “поспех”. Калі на гадзінніку была прыкладна поўнач, то гэты прайдзісвет змог адкрыць “Аўдзі” і самастойна запусціць рухавік. У яго наперадзе была цэлая ноч для таго, каб “добра адпачыць”. У хуткім часе ён знайшоў сябра для прыгод – ім зусім выпадкова аказаўся малады чалавек, які таксама той ноччу “сумаваў”. Хлопцы паімчаліся на Быценшчыну, праз пэўны час вярнуліся назад – у Івацэвічы. Дзейнічалі хітра: каб іх “не засякло” відэаназіранне, знялі рэгістрацыйныя нумары з аўто, калі прыехалі на аўтазапраўку ў нашым райцэнтры. Пасля сябрукі глыбокай ноччу паімчаліся ў Бярозу. Там хлопцы гарэзілі да самай раніцы, але калі ўзровень алкаголю ў крыві знізіўся, то яны пачалі разумець: справа добра не скончыцца. Угоншчык, які разумеў, што пакінуў пасля сябе шмат слядоў, падпаліў “Аўдзі” (легкавік пасля тушылі бярозаўскія выратавальнікі).

Хаця А. палічыў, што слядоў пасля сябе не пакінуў, у самым хуткім часе ён быў затрыманы і арыштаваны, зараз знаходзіцца пад вартай у ізалятары часовага ўтрымання Івацэвіцкага РАУС. Узбуджана крымінальная справа.

Колькі слоў маралі. Легкавік, што знаходзіцца на прыдамавой тэрыторыі, “хвалюе” злодзея. Калі вы пакідаеце тут аўто, то абавязкова праверце ручку кожнай дзверцы. Наступае зімовы перыяд, часам па прычыне заледзянення не заўсёды спрацоўвае замок, таму будзьце абачлівымі. Бо дзверцы “праверыць” злодзей!

Андрэй БУРДЗЬ, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.